Паводле Іаана Святое Дабравесце
Паводле Іаана Святое Дабравесце | |
---|---|
Эль Грэка. Евангеліст Ян. | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паво́дле Іаа́на Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Я́на[2], Паво́дле Я́на Свято́е Дабраве́сце[3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Лукі перад кнігай Дзеянняў Апосталаў.
Аўтарства
[правіць | правіць зыходнік]Як і ў астатніх Евангеллях, імя аўтара ў кнізе не згадваецца. Згодна з паданнямі, аўтарам Евангелля з’яўляецца Ян, сын Зевядзея, адзін з самых блізкіх вучняў Хрыста. З сінаптычных Евангелляў вядома, што Ян належаў да тых вучняў, якіх Ісус прызваў аднымі з першых. Ён таксама ўваходзіў у лік асабліва блізкіх і давераных сяброў Ісуса, так званую «тройку» апосталаў: Петр, Якаў і Ян. Гэтыя апосталы прысутнічалі пры ўсіх важных новазапаветных падзеях. Паданні называюць Яна любімым вучнем Хрыста, якому і належыць чацвёртае Евангелле. Аднак нідзе ў Евангеллі Ян не названы па імю. З кнігі Дзеянняў апосталаў вядома, што Ян і надалей адыгрываў важкую ролю ў жыцці маладой царквы, апостал Павел называе Яна адным са слупоў царквы. Лічыцца, што Яну таксама належаць яшчэ тры лісты і кніга Адкрыцця.
Месца і час напісання Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з паданнямі, Ян дажыў да вельмі сталага веку — да пачатку праўлення імператара Траяна. Евангелле прызначалася для цэркваў Малой Азіі, дзе праходзілі апошнія гады жыцця апостала. Евангелле было напісана пазней за сінаптычныя Евангеллі, у канцы I ст., каля 90-100 гг. Старадаўні папірус Райлендса, які адносіцца да пачатку II ст., пацвярджае такі погляд. Пра пазнейшы час напісання Евангелля сведчыць і развітое багаслоўе, так званая высокая хрысталогія. Месцам напісання Евангелля лічыцца Эфес.
Асаблівасці Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]Евангелле значна адрозніваецца ад трох іншых, сінаптычных Евангелляў. Ян апісвае тры гады служэння Ісуса, прычым, у адрозненне ад сінаптычных Евангелляў, у Іерусаліме і Іўдзеі, але не ў Галілеі. У чацвёртым Евангеллі няма многіх важных падзей трох Евангелляў, але ёсць іншыя падзеі. Так, у ім адсутнічаюць такія падзеі, як уваскрашэнне дачкі Іаіра, Праабражэнне, Гефсіманская малітва, устаноўчыя словы імшы. З усіх цудаў, здзейсненых Ісусам, у Евангеллі супадаюць з сінаптычнымі толькі два: павелічэнне хлеба і хаджэнне па вадзе. Таксама Ян нідзе не піша пра тое, што Ісус выганяў бесаў. Усіх жа цудаў у Евангеллі толькі восем, яны выключна выразныя і з’яўляюцца прарывам Божай рэчаіснасці ў свет. Існуюць меркаванні, што евангеліст імкнуўся дапоўніць евангелістаў-сіноптыкаў ці хацеў выправіць іх.
Ян пачынае сваё апавяданне не з нараджэння Ісуса. Для аўтара Хрыстос мае адвечную гісторыю, месца дзеяння — Сусвет, гэта Логас, адвечнае Божае слова. Больш ніхто з евангелістаў не кажа так ясна і вызначальна пра Божую сутнасць Ісуса: Ён першапачаткова быў з Богам, Ён быў Богам, усё было створана праз Яго, Ён быў жыццём і светам для сусвету. Гэта Ён явіў Божую славу і Айца, як ніхто апроч Яго. Выява Ісуса велічная, Ён паўстае як Валадар (няхай толькі адзінкі і зразумелі гэта), завяршае Сваё служэнне, узносячыся на Трон, якім з’яўляецца Крыж, з магутным і пераможным крыкам: «Збылося!»
Адрозніваецца Евангелле ад сінаптычных і стылем апавядання. У творы няма звыклых для сіноптыкаў кароткіх і яскравых прыпавесцяў, паэтычных параўнанняў і метафар, афарызмаў, прыказак і загадак. У Евангеллі паводле Яна Ісус прамаўляе працяглымі гаворкамі са шматлікімі паўторамі, з логікай, незразумелай для сучаснага чытача — яна не просталінейная і паслядоўная, а спіралепадобная. Стыль гэтага апавядання велічны і павольны, амаль літургічны. У ім Ісус кажа пра Сябе, адкрываючы такім чынам Божую сутнасць.
У Евангеллі няма той эсхаталагічнай напружанасці, якая прысутнічае ў астатніх Евангеллях і творах Паўла. Згодна з Янам, Суд, з аднаго боку, яшчэ будзе, але ён ужо праходзіць і зараз — тут і цяпер. Усялякі, хто паверыў у Хрыста, перайшоў ад смерці да жыцця. Божае Валадарства прыйшло разам з Ісусам, вернікі ўжо знаходзяцца ў Валадарстве; яны знаходзяцца разам з Ісусам, а Ён з імі.
Усе гэтыя акалічнасці кнігі могуць тлумачыцца гістарычнымі абставінамі. Хрысціянства становіцца значна больш уплывовым і пазнавальным і аддзяляецца ад іўдаізму. Таму аўтар ставіць мэтаю падмацаваць веру тых хрысціян, якія парвалі з рэлігіяй бацькоў. Таксама ў той час з’яўляюцца шматлікія ерасі, якія адмаўлялі рэальнасць увасаблення і ўваскрэсення Хрыста, таму Ян жадае як падмацаваць веру, так і перамагчы ілжэвучэнні.
Структура кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Евангелле складаецца з 21 раздзелу. З некаторымі адрозненнямі структура твора амаль тая ж, што і ў астатніх Евангеллях. Апавяданне пачынаецца з Яна Хрысціцеля і канчаецца смерцю і ўваскрэсеннем Хрыста. Пасля велічнага пралогу ідзе невялікае апавяданне пра дзейнасць Ісуса ў Галілеі, пасля якога падзеі пераносяцца ў Іерусалім і Іудзею. Асобнае месца ў апавяданні займаюць падзеі падчас святаў Аднаўлення Храма, дзе адбываюцца жорсткія спрэчкі пра Асобу Хрыста (раздзелы 7-10). Амаль палову Евангелля займаюць падзеі апошніх дзён жыцця Ісуса. У раздзелах 13-17 апавядаецца пра апошнюю велікодную імшу, аповед амаль цалкам складаецца з гаворак Ісуса, у іх Хрыстос настаўляе вучняў, якія праз невялікі час павінны застацца адны, без свайго Настаўніка. Вяршыняй Евангелля з’яўляецца Крыж — галоўная падзея дзейнасці Хрыста згодна з воляй Айца для ўратавання чалавецтва. Апошні (21) радзел апавядае пра з’яўленне ўваскрэслага Ісуса сваім вучням у Галілеі і адрозніваецца па стылю і мове ад астатняга Евангелля, што дало падставу некаторым даследчыкам лічыць, што раздзел мог быць напісаны вучнямі Яна пасля яго смерці.
Сціслы план Евангелля
[правіць | правіць зыходнік]- Пралог (1:1-18)
- Пачатак дзейнасці Ісуса (1:19-51)
- Служэнне Ісуса ў Галілеі і Іерусаліме (2:1 — 7:9)
- Служэнне ў Іерусаліме і Іўдзеі (7:10 — 12:50)
- Апошнія дні ў Іерусаліме (13:1 — 17:26)
- Укрыжаванне Ісуса (18:1 — 19:42)
- Уваскрэсенне Хрыста (20:1-31)
- З’яўленне Ісуса ў Галілеі. Эпілог (21:1-25)
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Паводле Яна сьвятое дабравесьце у перакладзе Васіля Сёмухі
- Святое Евангелле паводле Іаана ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Евангелле паводле святога Яна Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Эвангельле паводле Яна ў перакладзе Антонія Бокуна
- Евангеля подле сьвятога Яана Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Паводле Іоана сьв. Эвангельле Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Вінцэнта Гадлеўскага
- Эвангелія паводле Яна Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Сьвятое Эвангельле паводле Яана Архівавана 12 ліпеня 2021.. — Менск: Беларуская Эвангельская Царква, 2010. — 67 с. На бел. мову з грэцкага тэксту пераклалі Эрнст Сабіла, Сяргей Малахаў.
- Паводле Іаана Святое Дабравесце ў перакладзе А. К. Клышкі
- Евангелле паводле Яна ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- ↑ альтэрн.: Паво́дле Я́на Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. Н. Кузнецова. Евангелие от Иоанна. Комментарий. Общедоступный Православный Университет. 2010. 480 с. ISBN 978-5-87507-282-6
- Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.
- Аверинцев С. Собрание сочинений. — К.: Дух и литера, 2004. — 500 с. ISBN 9667888843.
- Дюмулен П. Евангелие от Иоанна. Комментарий. Пер. с франц. Ю. Куркиной. — СПб.: Изд-во св. Петра, 2003. — 184 с. ISBN 5-93247-017-8